Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Адукацыйна-выхаваўчыя модулі ў выхаваўчым працэсе

Дата: 19 февраля 2019 в 22:05
АВМ “Попрадкі”
Дзеючыя асобы:  гаспадар;
                              гаспадыня;
                              дзяўчынкі;
                              хлопчыкі;
                             музычны кіраўнік;
                             жанчыны;
                            дамавы.
     Зала ўпрыгожана ў нацыянальным стылі: ручнікі з  беларускім арнаментам, вышыўка; ложак, засланы саматканым пакрывалам, над якім вісіць прыгожы самаробны дыван; печ, побач з ёю стол, засланы абрусам, самавар, ласункі.
     Гучыць вясёлая беларуская народная музыка, у залу уваходзіць гаспадар і гаспадыня.
Гаспадыня. Запрашаем усіх старых і малых.
                    Дзяўчат і хлапцоў паспрабаваць блінцоў.
                    У гульні згуляць, паспяваць, паскаць,
                    І вясёлы настрой не губляць.
Добры дзень вам, паважаныя госці! Вельмі добра, што вы завіталі да нас. Сёння ў нашай хаце вас чакае сустрэча з беларускімі песнямі, танцамі, гульнямі, карагодамі.
Гаспадар. І, як кажуць нашы людзі,
                 Хай вам даспадобы будуць
                 Жарты, песні, гучны смех!
                 Сумаваць сягоння грэх!
                 Бо без песні, хоць ты трэсні,
                 Без гармоніка й дуды
                 Ходзяць ногі не туды!
             Запрашаем на вячоркі!
Спяваючы беларускую народную песню “Добры вечар” уваходзяць удзельнікі фальклорнага гурта –дзяўчынкі з ручнікамі ў руках.
Дзяўчынкі. Добры вечар у хату!
Гаспадар. Вечар добры, дзяўчынкі!
Дзяўчынкі. Дазвольце, шаноўныя гаспадар і гаспадынька, да вас завітаць!
Гаспадар.Праходзьце, калі ласка!
Дзяўчынкі. Дзякуй вам, гаспадар і гаспадынька!
Гаспадыня. Дзяўчаты, можа вы нам якую-небудзь песню заспяваеце?
Дзяўчынкі. Заспяваем!
Беларуская народная песня “Бабка Еўка дзед Тумаш”
“Бабка Еўка, дзед Тумаш”.
  1. Бабка Еўка, дзед Тумаш го-го-го
Паехалі на кірмаш   го-го-го.
Што павезлі прадаваць го-го-го
Гэта трудна ўгадаць о-хо-хо-хо-хо.
  1. Што павезлі прадаваць го-го-го
Гэта трудна ўгадаць го-го-го.
Дзве курачкі, петушка го-го-го
І малога парсючка о-хо-хо-хо-хо.
   3. Як прадалі ўвесь тавар го-го-го
       Дык паехалі ў бар го-го-го.
       Напіўшыся і наеўшыся на трох го-го-го
       Ледзь пралезлі яны праз парог о-хо-хо-хо-хо.
  1. Дзед сеў за пана го-го-го
А баба за фурмана го-го-го.
Пакуль бабка не спала го-го-го
Дык кабылка трапятала о-хо-хо-хо-хо.
  1. А як бабка заснула го-го-го
Дык кабылка пацягнула го-го-го.
Як прачнуўся той дзед го-го-го
Глядзь, -- кабылкі ўжо нет о-хо-хо-хо-хо.
  1. Еўка села вярхом го-го-го
І паехала дамоў го-го-го.
Як вярнулася без дзеда го-го-го
Пазвала к сабе суседа о-хо-хо-хо.
  1. Як вярнулася без дзеда го-го-го
Пазвала к сабе суседа  го-го-го.
Пілі, елі і гулялі го-го-го
І Тумаша успаміналі о-хо-хо-хо.   2 раза.
Гаспадар. Ой, якія вясёлыя дзяўчаты да нас завіталі!А чаму ж вы без хлопцаў? Дзе ж яны падзеліся?
Дзяўчынкі. Ды дзесьці згубіліся.
              Уваходзяць хлопцы.
Хлопчыкі.  Добры вечар таму,
                                    хто ў гэтым даму!
                    Дазвольце вас вітаць,
                                    усім дабра жадаць!
Адзін з хлопчыкаў аглядаецца, заўважыў дзяўчынак, звяртаецца да іх.
Хлопчыкі. Добры вечар, дзяўчынкі! Ці можна да вас?
Дзяўчынкі. А ў нас не ганарацца,
                    Дзе стаяць, там і садзяцца.
                    З чым прыйшлі?
Хлопчыкі.  Рады мы заўсёды быць ў вашай хаце, а прыйшлі ў госці, каб добрага здароўя ўсім пажадаць.Наша справа не цяжкая – іграць, скакаць, песні спяваць.
Дзяўчынкі. Запрашэння не чакайце, разам з намі вы спявайце.
Гаспадыня. А к нам завіталі самыя маленькія дзеці, якія і праспяваюць і патаньчаць.
 Песня “Мікіта”.
Гаспадар. А зараз і нашы старэйшыя дзеткі пакажуць вам свае танцы і спевы.
Танец “Полька – трасуха”.
      Пад вясёлую  беларускую музыку на вячоркі прыходзяць  жанчыны, апранутыя ў нацыянальнае адзенне.
Жанчыны. Вечар добры ў вашу хату! Дазвольце, гаспадар і гаспадынька , да вас завітаць!
Гаспадар.Заходзьце, жанчынкі! Заходзьце, калі ласка! Мы жыць у адзіноце не можам, заўсёды чакаем гасцей.
Жанчыны. А ці можна ў вашай хаце песню заспяваць, маладосць успомніць?
Гаспадыня. Калі ласка, жанчынкі, а дзеці вас з задавальненнем паслухаюць.
      Спяваюць беларускую народную песню
“ Мае вочы чорныя”
  1. Мае вочы чорныя, чорныя, чорныя.
Мае вочы чорныя, чорныя.
Кепска мне і з вамі, (3 разы)
Кепска мне.
  1. Ой, радзіла ж мяне маці,
Мяне маці, мяне маці.
Ой, радзіла ж мяне маці,
Мяне маці.
Долечкі не дала, (3 разы)
Не дала.
  1. Як вазьму я сваю долю,
Сваю долю, сваю долю.
Як вазьму я сваю долю,
Сваю долю
У лузе закапаю (3 разы)
У лузе.
   4. Мяне, хлопцы, не чакайце!
       Не чакайце, не чакайце.
       Мяне, хлопцы, не чакайце,
       Не чакайце!
       Пасагу не маю, (3 разы)
       Не маю.
   5. ( Паўтор першага куплета.)
Гаспадар. Дзякуй вам! А зараз давайце выканаем нашу любімую песню “Барыня”.
Жанчыны. З вялікім задавальненнем.
      Гучыць песня ў выкананні дарослых.
Гаспадыня. Вялікі дзякуй вам, дзеці і дарослыя, што вы завіталі ў нашу хату! З глыбокай даўнасці прыйшоў да нас гэты народны звычай – попрадкі альбо вячоркі! Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а ўсё ж заставалася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў. Вось таму мы сёння і запрасілі вас на вячоркі, каб павучыцца ў нашых продкаў працаваць, весяліцца, танцаваць, у гульні розныя гуляць.
1-ае дзіця. Ласкава просім да нас у госці.
2-ое дзіця. Заходзьце, калі ласка, папрацаваўшы, адпачыць!
3-яе дзіця. Вячоркі чакаюць гасцей, пачнём наша свята хутчэй!
      Дзеці бяруць музычныя інструменты і выконваюць песню “Крыжачок”
Дзяўчынка. Гаспадынька, а што гэта ў цябе за куфэрачак такі прыгожы стаіць? Што ты ў ім хаваеш?
Гаспадыня. У гэтым куфэрачку ляжаць розныя рэчы, якія вельмі дарагія майму сэрцу.( дастае ручнік). Ручнік – гэта не проста кавалачак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. Існуе ў нашай краіне шмат звычаяў , звязаных з яго выкарыстаннем. Дораць ручнік маладым , якія вырашылі пажаніцца, дораць на радзіны і на наваселле. А з чаго ён зроблены?
Дзеці. З ільну.
Гаспадыня. Правільна, ручнікі робяць з ільну. Лён – гэта багацце нашай краіны. Каб атрымаць такі прыгожы ручнік, людзям трэба многа працаваць. Спачатку лён трэба пасеяць, затым яго прапалоць, парваць, патрапаць грэбнем ці шчоткай. Атрыманы кужаль пралі пры дапамозе верацяна ці калаўрота. Затым пранец бялілі, фарбавалі, прыносілі ў хату кросны і ткалі палатно для кашуль ці ручнікоў, якія потым упрыгожвалі беларускімі крыжыкамі ці кветкамі.
Музычны кіраўнік. Усё гэта зараз пакажуць нашы дзяўчынкі ў карагодзе, а хлопчыкі ім дружна паспяваюць.
      Выконваюць карагод “Пасеялі дзеўкі лён” у апрацоўцы  А.Рашчынскага.
Гаспадыня. А вось паглядзіце на гэтую посцілку. Яна таксама выткана на кроснах. Такімі посцілкамі засцілалі ложак, сані і вазы. А вось дарожка на падлогу. Імі таксама ўпрыгожвалі лавы ў хаце, дзе збіраліся жанчыны на пасядзелкі.
Гаспадар. Мне здаецца, што сёння ў нас сабраліся вельмі працавітыя дзеці  і дарослыя. Каб дарэмна часу не губляць, давайце будзем працаваць. У нашай хаце ўсё ёсць і для працы, і для адпачынку. Кожны знойдзе справу для спадобы.
Гаспадыня. Давайце будзем працаваць ды прымаўкі ўспамінаць. 
        Прымаўкі
Хочаш добра жыць, павінен працу любіць.
              Нічога само не робіцца.
Гультай за дзела – мазоль за цела.
         Чалавек без працы, што птушка без крылаў.
Не за сваю працу не бярыся.
         Праца нікога не ганьбіць.
Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.
         Хто працуе, той і мае.
  У няўмечкі не баляць ні рукі, ні плечкі.
         На яду мастак, а на працу сяк-так.
                    
Гаспадар. Ці не заседзеліся мы з вамі за працай? Весялей будзе, калі песня загучыць. Мы пачнём, а вы нам дапамажыце.
   Гучыць беларуская народная песня “Чаму ж мне не пець”.
“ Чаму ж мне не пець?”
  1. Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?
              2.Чаму ж мне не пець, чамуж не гедзець,
                  Мушка на вакенцы ў цымбалікі б’ець?
3.Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець,
Павучок на сценцы кросенцы снуець?
             4. Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець,
                 Петушок на сметнічку зернеткі дзяўбець?
  1. Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець,
Парсючок пад лаўкаю бульбачку грызець?
              6. Чамуж мне не пець, чаму ж не гудзець,
                  Калі ў маёй хатачцы парадак ідзець?
Гаспадар. А зараз пацехі для смеху. Хто з вас ведае жартоўныя дражнілкі?
                      Жартоўныя дражнілкі
 Антось барадаты
 вёў казу каля хаты,
Антаніна паганяла,
на цукеркі зарабляла.
                      Віця, Віця, Віцяля
                      З’ў карову і цяля.
                      І дванаццаць парасят,
                      Толькі хвосцікі вісяць.
Сяргей-верабей на кані катаўся
Рукі, ногі паламаў,
Без штаноў застаўся.
                       Дзядзя Коля –велікан
                     Уваліўся ў стакан.
                     У стакане малако,
                     Дзядзя Коля ... Ко, ко, ко!
Хлопчык. Хопіць вам дражніцца ,
                   Давайце лепей весяліцца!
Дзяўчынка. Як музыкі заіграюць,
                       Ногі самі рвуцца ў пляс.
                       Ай да туры-растатуры,
                       Беларускай мы натуры.
Гаспадар. І яшчэ адна пацеха – гульня для смеху.
         Гульня “Мак”.
Г ульня “Мак “
Дзяўчынкі ўтвараюць карагод. У сярэдзіне стаіць адна з удзельніц. Усе пяюць:
               А на гары мак,
               Пад гарою так.
               Белы мае маковачкі,
               Залатыя галовачкі,
               Стойце вы так,
               Як зелен мак.
Дзеці пытаюцца ў дзяўчынкі, якая стаіць усярэдзіне карагода:
  --Кума, кума, ці сеяла мак?
Яна адказвае адмоўна. Зноў усе пяюць песню і задаюць кожны раз новае пытанне:
 --Кума, кума, ці палола мак?
 --Кума, кума, ці цвёў мак?
-- Кума, кума, ці сазрэў мак?
                         -- Кума, кума, ці пара трусіць мак?
Пасля апошняга пытання дзеці бягуць да дзяўчынкі ў сярэдзіне круга і трасуць яе за вушы.
Гаспадыня. Ой, а гэта хто ж?
Дамавы. Ды гэта ж я, ваш Дамавы. Сядзеў, сядзеў я ў хаце, слухаў, як вы спяваеце, ды і мне захацелася з вамі трошкі павесяліцца.
           Прынёс я мех.
           А ў мяху – смех!
           Дзеткам на пацеху
           Лопнуў мех ад смеху.
           Вось вам, дзеткі, смяшкі,
           Вось вам і пацешкі.
           Цікавых паведаю вам небыліц,
           Хай скачуць да нас яны
           З кніжных паліц.
                   Пякла баба калачы
                   У халодненькай пячы
                   І якраз ляцеў камар,
                   Ды калачыкі пакраў.
                   Церез вулачку ўцяквў
                   Камізэлечку парваў.
Дзеці, а вы ведаеце якія-небудзь небыліцы?
           Дзеці расказваюць вершаваныя небыліцы.
            Вершаваныя   небыліцы
                    Ляснік
                                Васіль Жуковіч.
             На дарозе бартавой
             на машыне роўнай
             з дому вёз
             ляснік зімой
             у дуброву дровы.
             А ў хляве ў лесніка,
             покуль вёз ён дровы,
             сена з’ела і бычка, і карову.
                          Кот
                              Міхась Пазнякоў.
              На бярозе спеюць грушы,
              А на дубе – вінаград.
              Кот грыбы ў лесе сушыць
              І частуе бабранят.  
 На павеці куры сена косяць,
І грабуць, і ў стагі кладуць.
                На печы авечка гняздзечка звіла,
               Яечкі знесла –
               Тупаносыя, крывыя.
Як ідзе мядзведзь па паднябессю.
Ён ідзе, ідзе, ён нясе, нясе
Ён каровіцу, ён бурэніцу.
               Раба-курачка бычка прывяла.
               Два бараны граюць у арганы.
      
Малайцы! А жартоўныя песні спяваць умееце?
Дзеці. Умеем!
    Гучыць жартоўная народная песня “Пасеяў дзед грэчку”.
“Пасеяў дзед грэчку”
    1.Пасеяў дзед грэчку, баба кажа мак.
 Ой, ой, жонка мая, няхай будзе воля твая.
 Няхай так, ці не так,
 Няхай з грэчкі будзе мак.
   2. Пашыў дзед сярмяжку, баба кажа фрак.
 Ой, ой, жонка мая, няхай будзе воля твая.
 Няхай так, ці не так,
 Хай з сярмягі будзе фрак.
   3. Купіў дзед збаночак, баба кажа гляк.
 Ой, ой, жонка мая, няхай будзе воля твая.
 Няхай так, ці не так,
 Хай з збаночка будзе гляк.
4. Злавіў дзед раз шчучку, баба кажа рак.
 Ой, ой, жонка мая, няхай будзе воля твая.
 Няхай так, ці не так,
 Хай са шчучкі будзе рак.
   5. Каркала варона, баба кажа шпак.
 Ой, ой, жонка мая, няхай будзе воля твая.
 Няхай так, ці не так,
 Хай з вароны будзе шпак.
Дамавы. А вось я вам, дзеткі, прынёс яшчэ і карабец. Калі ласка, усе, хто хоча, адчыняйце яго.
Гаспадыня.Дамавічок, а можна я?
Дамавы. Калі ласка, гаспадынька.
       Гаспадынька адчыняе карабец, там – каляровыя лісткі з загадкамі.
Дамавы. А вы, дзеці, умееце загадкі адгадваць?
Дзеці. Умеем!
Дамавы. Тады я вам загадаю і пагляджу, як вы іх адгадаеце.
      Дамавы загадвае загалкі.
Загадкі
Чым я больш вярчуся,  тым я больш таўсцею.
                                                                 (Верацяно).
Сама пад страхою, а хвост мокры.
                                                (Кудзеля).
Пяць уцякаюць, а пяць даганяюць.
                                           (Пальцы ў час прадзення).
Пяць козак смокчуць стажок, а пяць у поле ідуць.
                                                       (Пальцы і кудзеля).
Знізу рыдлёўка, зверху карыта, а разам рупар і пастка нібыта. (Рот).
Ідуць ад хаты – крычаць і скачуць, ідуць дахаты – маўчаць і плачуць. (Вёдры).
Залацістая галоўка выціскае слёзы лоўка. Хто галоўку пакаштуе, той слязы не пашкадуе.(Цыбуля).
Два брушкі, чатыры вушкі. (Падушка).
Дамавы. Якія вы, дзеці, малайцы! Усе загадкі адгадалі. Здаецца мне, што ў вас тут нечым пахне...
 Гаспадыня. Ой, гэта я зусім забылася, што ў печ пірог паставіла, пабягу паглядзець. Які ж прыгожы пірог атрымаўся! Гэта я для вас, дзеці, так старалася.
Гаспадар. Паважаныя госці, дзеці, бацькі! Мы вельмі рады былі бачыць вас у нашай хаце, на вячорках. Але ж час нам з вамі развітвацца.
Гаспадыня. На развітанне ўсім жадаем:
           Шчыра каб жылі ў дастатку,
           У жыцці ў вашым
           Хай ідзе ўсё па парадку!
Дзяўчынка. Дзякуй гаспадарам заліхвацкім!
                       Жадаем блакітнага неба,
                       Духмянага хлеба,
                       Чыстай вады і ніякай бяды!
Дзяўчынка. Дзякуй, госці, за падмогу!
                      Вы так дружна рагаталі,
                      Нас так хораша віталі,
                      Пляскалі ў ладкі.
                      І шкада, а ўсё ж бывайце,
                      Толькі нас не забывайце!
Гаспадар.    А вы, дзеткі, дружна жывіце,
                      Хутка расціце,
                      Край свой любіце!
                      Не таму любіце, што за ўсё
                      Цяплейшы і прыгажэйшы,
                      А таму любіце, што за ўсё
                       Мілейшы, за ўсё даражэйшы!
Гаспадыня. Паважаныя госці, цяпер мы вам хочам сказаць: “Да новых сустрэч!”
      Гучыць беларуская песня “Бывайце здаровы”.
   
 АВМ “Кірмаш”
Зала аформлена, як на кірмашы:  стаяць сталы, на іх --  розныя вырабы.. Усё прыбрана ў беларускім стылі (ручнікі, дываны). Гучыць беларуская народная музыка.
1 гандлярка: Усіх, усіх, хто не ленаваўся
Добра справаю займаўся
2 гандлярка: І не траціў марна час –
Запрашаем на кірмаш!
1 гандлярка: Гэй, панове, сюды хадзіце да нас.( Махаюць хусткамі, ручнікамі).
2 гандлярка: Гэй, хто хоча мёду,
                      Мёду на выгоду? (Размахвае збанам).
1 гандлярка: Гузікі, пацеркі і стужкі,
                      Купляйце, дзяўчаты-падружкі! (Трасе стужкамі).
 2 гандлярка: (да аднаго з гасцей)
                      Кашулі, спадніцы, ручнік вышываны!
1 гандлярка: (перабівае)
                     Міскі, талеркі, гаршкі маляваныя.
2 гандлярка: Прыгожыя хусткі, хусткі для кабетак.
1 гандлярка: Лялькі,свісцёлкі, цацкі для дзетак.(Свішча ў свісцёлку).
Дзеці-гандляры:
1. Гэй, панове, сюды ідзіце!
2. Гэй, панове, сюды глядзіце!
3. Чай гарачы! Абаранкі!
4. Шкарпэткі, фіранкі.
5. Лялькі,свісцёлкі, цацкі для дзетак.
6. Круцёлкі, вяртушкі, гаршочкі для кветак.
1 гандлярка: Панове, калі ласка, даражэнькія, сюды зірніце: міскі, талеркі ўласнага вырабу. Кожнаму да патрэбы, кожнаму да спадобы.
2 гандлярка: А вось і інструменты музычныя – трашчоткі, бразготкі, ды лыжкі звонкія і зычныя.
1 гандлярка: А-ну, дзеткі, падыходзьце, купляйце, ды што-небудзь нам зайграйце.
1. (Песня лыжкароў “Мікіта”).
На кірмаш едзе дзядзька Лявон (іграе на гармоніку), з ім цётка Лявоніха.
Лявоніха: Тррр..., прыехалі. Злазь, даражэнькі, хопіць іграць!
Лявон іграе далей..
Лявоніха: (да гандляркі) Ай,кумачка,здароў, даражэнькая!
1 гандлярка: Здароў, здароў,даражэнькая! (Да Лявона) Ой, здароў куманёк!
Лявон: Ага,кумачка,здароў, даражэнькая! Даўненька я цябе не бачыў!
2 гандлярка: Здароў, куманёк! Чаго душа твая жадае? Я маю ўсё, што трэба (цягне яг за кашулю). Зірні сюды, куманёк.
Лявон нахіляецца да гаршкоў, у гэты момант падбягае 1 гандлярка са збанам.
1 гандлярка: Пакаштуй мой салодкі мядок!
2 гандлярка: (злосна) Што пакупніка адбіваеш? Прэч адсюль, каб табе дух   заняло! Зірні, куманёк, які збанок. Чуеш, як звініць? (пстрыкае пальцамі па збане) На цябе глядзіць. Купі, не пашкадуеш..
1 гандлярка: (трасе хусцінкай) Кашулі, хусцінкі, спадніцы...
2 гандлярка: Згінь,згінь бліскавіцай!
1 гандлярка: Ручнікі вышываныя.
2 гандлярка: Ой, куманёк, і гэтага табе не патрэбна, і гэтага ты не хочаш! Паглядзі сюды, якія дзеткі, што кветкі, глядзі, як працуюць. Няўжо, галубочак, грошы пашкадуеш? Няўжо нічога не купіш у такіх работнікаў?
(Лявон нерашуча чэша патыліцу. Да Лявона падбягаюць дзеці, у руках трымаюць свае вырабы)
Лявоніха: А мае вы ластаўкі, дай вам Бог здароўечка, а майму Лявону нічога не патрэбна, грае ды грае.
1 гандлярка: Гэй, панове шаноўныя! Можа хто з вас развяжа торбу з грашыма.
                    А мы пакуль што пацешым вас вясёлай пляскай ды песняй.
2.Полька “Трасуха”
Лявоніха: Лявон, калі не да спадобы табе міскі і гаршкі,  
                  Дык пойдзем паглядзім, што малююць вунь тыя мастакі.
                  А то людзі добрыя скажуць: “ На кірмаш прыехалі, а нічога не купляюць”.
                  Глядзі, Лявон, як мастакі працуюць, стань сюды, даражэнькі, і твой партрэт намалююць. (упрыгожвае Лявона).
2 гандлярка: Намалюйце гэтага добрага чалавека, каб было прыгожа. А каб весялей малявалася, спяваць будзем. Заспяваем мы прыпеўкі.
3. Прыпеўкі
1 гандлярка: Гэй, панове,не скупіцеся, малюнкаў багата. Як павесіце на сцяне зазіхаціць хата. Выходзь, хто смялейшы, кашалькі раскрывайце, сваім гаспадыням малюнкі купяйце!
Дзеці паказваюць свае  малюнкі і чытаюць вершы.
1 мастак: Козанька рагатая,
                  Козанька бадатая.
                  Уцякала за пляцень,
                  Праскакала цэлы дзень.
                  Ножкамі каза туп-туп,
                  Рожкамі каза стук-стук.
2 мастак: Зайчык шарусенькі,
                Зайчык бялюсенькі.
                Скок, скок, паскакаў у лясок.
3 мастак: Люлі,люлі,люлі,
                 Курачкі паснулі,
                 Толькі пеўніку не спіцца,
                 Ранак ён праспаць баіцца.
                 Парсючок пад’еў
                 І пайшоў у хлеў.
Лявоніха: Вось, Лявон, і партрэт твой гатоў. Ты тут лепшы, чым на самой         справе.
2 гандлярка:(з дзецьмі) Гэй, шаноўныя людзі, да нас прыблудзіцеся. Глядзіце, якія цудоўныя вырабы зрабілі вось гэтыя майстры маленькія, старанныя, працавітыя.
Дзеці па чарзе:
                            1. Паночкі, купіце мой тавар.
                            2. А мой лепшы, задарма аддаю.
                            3. І мой, і мой купіце!
Дзяўчынка з латком: Каму стужкі шаўковыя, рознакаляровыя.
                                     Ёсць чырвоны паясок,
                                     Прыгожы грабяшок.
                    Спявае:  Ці я ў мамкі не дачка,
                                   Ці я не дачушка.
                                   Руса косанька мая,
                                   А ў касе істужка.
1 гандлярка: Як ты, дзяўчынка, завешся?
Дзяўчынка: Гануся.
1 гандлярка: А што робіш?
Дзяўчынка: Смяюся.
2 гандлярка: Ну, пакажы свой паясок. Вельмі прыгожы! За колькі грошай ты    яго прадаеш?
Дзяўчынка: А я задарма аддаю і людзей весялю!
4.“Песня пра мяне”
Выходзіць казёл.
1 гандлярка: Ого, што за дзіва такое?
2 гандлярка: Чый жа гэта прыгажун?
Дзеці: Куды ідзеш, казёл?
Казёл: На кірмаш пайду.
Дзеці: Чаго на кірмаш?
Казёл: Касу купляць.
Дзеці: Нашто табе каса?
Казёл: Сена касіць.
Дзеці: Нашто табе сена?
Казёл: Кароў карміць.
Дзеці: Нашто табе каровы?
Казёл: Малако даіць.
Дзеці: Нашто табе малако?
Казёл: Дзяцей паіць. А хто соску сасе мала, малака не п’е, таго бу, забаду, на рогі пасаджу!
1 гандлярка: Козлік, не бадай нашых дзетак. Лепей паскачы з намі.
5.Танец “Падыспань”
Лявоніха: (хапае Лявона за кішэню, вядзе на сярэдзіну) Дзе ж гэта ты быў, Лявон? Я шукаю, а цябе нідзе няма.
Лявон: Ціха, ціха, не турбуйся, жонка мая дарагая. Лепей паглядзі, якія я табе чаравічкі на кірмашы купіў.
Лявоніха: (пяскае ў далоні, цалуе яго) Ой, дзякуй,даражэнькі, дзякуй, родненькі.
                 Якія прыгожыя чаравічкі.
                 Ой, музыкі, браточкі мае, зайграйце “Лявоніху” мне!
(Лявон з Лявоніхай танцуюць)..
Потым, усе ўдзельнікі выходзяць на сярэдзіну залы.
Лявоніха: Надыходзіць сумны час, нам пара растацца.
Лявон: Але просім шчыра вас зноў к нам завітацца.
2 гандлярка: Будзем рады мы сябрам, пачастуем ласкай.
1 гандлярка: Няхай сонца свеціць вам, як у добрай казцы!
Усе разам: Да пабачэння, сябры!
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.