Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Унукі аб вайне

Дата: 17 февраля 2017 в 14:25, Обновлено 17 февраля 2017 в 14:51
Автор: Сыч В. В.

Макарэвіч Вераніка Мікалаеўна, выпускніца, аграгарадок Любушаны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

223329, вул. Школьная, д. 8, в. Любушаны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

Лявіцкі Іосіф Антонавіч  (1906  – 1945), Яблонскі Антон Іосіфавіч (1924 – 2010), 223329, вул. Школьная, д. 8, в. Любушаны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

Яблонскі Антон Іосіфавіч: медаль “За працоўную доблесць”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медаль “Ветэран працы”, памятныя знакі “Ударнік пяцігодкі”, юбілейныя медалі. Ветэран працы.

Напэўна, у кожнай беларускай сям’і засталіся прагалы пасля Вялікай Айчыннай вайны. Прагалы, якія ніколі не зарастуць. Раны, якія не лечыць час.

У маёй матулі не было дзеда. У маёй бабулі загінуў у полымі вайны тата. Мой дзед дзевятнаццацігадовым юнаком апрануў салдацкі шынель, каб прайсці з баямі паў- Еўропы.

Бабуля, Яблонская Эмілія Іосіфаўна (дзявочае прозвішча Лявіцкая), заўсёды з болем успамінае пачатак той страшнай вайны…

Быў канец чэрвеня. У невялікай лясной вёсцы Заклеўе Бярэзінскага раёна пахла спелымі суніцамі. Вялікая шматдзетная сям’я Лявіцкіх жыла будзённымі клопатамі па няхітрай сялянскай гаспадарцы: пасвілі жывёлу, касілі сена, гатавалі ежу. Аміля са старэйшай сястрой Фаінай бегалі ў суніцы. Ягады былі духмянымі, смачнымі, салодкімі. Дзяўчынкі наеліся ўволю і  частавалі імі і бацьку, і маці, і свайго малодшага браціка  з сястрычкамі. Хто мог падумаць, што той дзень перайначыць лёс іх сям’і?! Ды ці толькі іх!

Уначы ў акно пастукалі.    Стук быў  нейкім нервовым і настойлівым. Загадалі гаспадару, Лявіцкаму Іосіфу Антонавічу, збірацца. Усіх мужчын забіралі на фронт. Галасілі, развітваючыся са сваімі роднымі, жонкі і дзеці. Здавалася, што на ўвесь свет насоўваецца бяда. Аміля была тады трынаццацігадовай дзяўчынкай –падлеткам.

Нямецкія самалёты бамбілі шашу Мінск – Магілёў. Заклеўцы з малымі дзецьмі хаваліся ў лесе. Бомбы падалі ў балота, уздрыгвала пад нагамі зямля.

Плакала ад страху і ад назойлівых камароў гадавалая сястрычка Сонечка. Дзеці беззваротна страцілі шчаслівае дзяцінства.

Бацька вярнуўся на трэці дзень з Якшыц: не паспелі мабілізаваць бярэзінскіх гаспадароў. У гэты ж дзень на шашы з’явіліся конныя немцы. Пачаліся ненавісныя дні акупацыі.

Як і раней, працавалі па гаспадарцы. Трэба было карміць сям’ю. Дапамагалі харчамі партызанам, якія нярэдка наведваліся ў Заклеўе. Маладыя юнакі падаліся ў лес: немцы забіралі моладзь у Германію. Мясцовае насельніцтва ненавідзела фашыстаў і паліцаяў. Людзі верылі, што перамога будзе за імі.

У сорак чацвёртым, як толькі быў вызвалены Бярэзінскі раён, прадзеда прызвалі ў дзеючую армію. Дома засталіся жонка і сямёра дзяцей, самаму малодшаму з якіх, Сцёпку, было толькі паўгода.

Мне вядома, што да вайны мой прадзед быў брыгадзірам, дбайным гаспадаром і клапатлівым бацькам. У арміі яго служба была звязана з палявой кухняй. Прадзед быў чырвонаармейцам 139 стралковай дывізіі. Ён не здзейсніў нічога надзвычайнага, а проста сумленна выконваў свой абавязак. Прадзед  загінуў у баі   дваццаць першага студзеня  тысяча дзевяцьсот сорак пятага года, вызваляючы польскую зямлю. Сямёра дзяцей у адно імгненне страцілі бацьку. Пройдзе шмат часу, і  мая матуля, якая нарадзілася дваццаць першага студзеня праз дваццаць пяць гадоў пасля гібелі дзеда, напіша гэтыя шчымлівыя радкі:

Дзе мой дзед?  Я ніколі не бачыла дзеда,

Ён мяне на руках не насіў,

Не вадзіў на край белага свету,

 Паслухмянаю быць не прасіў.  

Мой прадзед пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Майдан Астраленскага ваяводства на тэрыторыі Польшчы. Я спадзяюся, што калі-небудзь змагу наведаць святое для нашай сям’і месца і прывезці на магілку прадзеда жменьку роднай беларускай зямлі, той, якая прапахла спелымі суніцамі і сінявокімі васількамі.

Як бабуля сем душ гадавала,

То вядома ёй толькі адной,

Як яна пахаронку трымала

Сорак пятай шчаслівай вясной?!

Я заўсёды думаю: як яна, мая прабабуля Лявіцкая Лідзія Сцяпанаўна, вытрымала, як вынесла на сваіх жаночых плячах неймавернае гора. Услед за мужам пахавала дачушку (Франя была маладзейшая на паўтара года за маю бабулю), памерла ад запалення лёгкіх. Я, на жаль, не бачыла прабабулю. Яна пражыла восемдзесят шэсць год. Была майстрыхай на ўсе рукі: цудоўна шыла, смачна гатавала, трымала заўсёды гаспадарку. Увесь час праходзіў у працы , бо трэба было падымаць дзяцей. Муж працягваў быць для яе дарагім чалавекам усё жыццё.

Відаць, лёс, забраўшы ў маёй бабулі бацьку, вырашыў уратаваць для яе мужа.

У сорак чацвёртым апрануў салдацкі шынель сціплы  любушанскі юнак Антон  Яблонскі. Яму было наканавана стаць сапёрам. Цывільныя людзі добра ведаюць, якая гэта небяспечная справа.  Сапёр памыляецца толькі адзін раз. Дзед неаднойчы бачыў, як гінулі землякі, сябры, аднагодкі. Ён не любіў расказваць пра гэта. Дзед нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртым годзе. Многія яго аднагодкі не вярнуліся з той страшнай вайны.

Што расказваў пра вайну дзядуля? Вайна была неймаверным выпрабаваннем для вясковага юнака, які прывык  цаніць простыя чалавечыя каштоўнасці, адчуваць асалоду ад кветкавага  водару скошанага сена, ад чысціні і некранутасці першай пракладзенай баразны. А побач кожны дзень гінулі людзі.

Дзядуля неаднойчы ўспамінаў, як фарсіравалі Віслу і Одэр, якім цяжкім было вызваленне Штэціна. Ґаварыў аб тым, як баяліся іх немкі, думалі, што будуць помсціць. Але ці маглі яны помсціць безабаронным дзяўчатам? Наадварот, хацелася, каб немцы зразумелі: савецкі салдат – гэта вызваліцель, а не забойца.

Часам не хапала ежы, зношвалася вопратка. Але гэта было дробяззю ў параўнанні з тым, што набліжалася незабыўная вясна сорак пятага года, якая прынесла свету доўгачаканую перамогу над фашызмам. Нават не верылася, што яны застануцца жыць,  што для іх будуць спяваць птушкі. Гэта здавалася тады неймаверным шчасцем.

Жыць даводзілася за сябе і за таго хлопца. Шмат працаваць у родным калгасе, у які вярнуўся пасля дэмабілізацыі. Быў лесніком, брыгадзірам, жывёлаводам, вартаўніком. Працаваў так, як вучыў колісь бацька, Яблонскі Іосіф Ігнатавіч, якога немцы ледзьве не расстралялі ў час вайны, палічыўшы за яўрэя. Прадзеда ўратавалі аднавяскоўцы. Але хвіліны, праведзеныя ў чаканні смерці, далі пра сябе знаць.

Два сыны Антось ды Ясь працягвалі бацькаву справу. У пяцьдзясят шостым годзе Антось ажаніўся з прыгожай заклеўскай дзяўчынай Аміляй.  З ёю і пражыў усё сваё жыццё.

Мой дзед быў гаваркім, добразычлівым, таварыскім. Расказваў, што ў маладосці любіў іграць на губным гармоніку, які прывёз з Германіі. А яшчэ ён добра спяваў і танцаваў. Асабліва прачула спяваў ваенныя песні. Відаць, у гэты час ён успамінаў сваіх баявых сяброў. На яго невідушчых вачах выступалі слёзы. Апошнія трынаццаць год жыцця дзядуля не бачыў зусім. Яго любімая песня і зараз гучыць для нас па-асабліваму. Гэта знакамітая песня Марка Бернеса:

Мне кажется порою, что солдаты,

С кровавых не пришедшие полей,

Не в землю нашу полегли когда-то,

А превратились в белых журавлей.

Чацвёртую вясну мы будзем сустракаць без дзядулі. Ён пайшоў з жыцця таксама вясной, калі ўжо адбушавалі завірухі, адпалі моцныя маразы, калі ўжо заліваўся ў сакавіцкім блакіце жаўрук.

З намі засталіся яго песні, яго словы, яго ўзнагароды: шматлікія Ганаровыя граматы, памятныя знакі “Ударнік пяцігодкі”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, медаль “За працоўную доблесць”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, юбілейныя ўзнагароды, пасведчанне “Ветэран працы”.

Дзядуля быў крыштальна- чэсным чалавекам, справядлівым і вельмі добрым. Ён любіў жыццё, людзей і з асаблівай пяшчотай адносіўся да нас, дзяцей.

На чорным гранітным помніку выбіты прачулыя словы ад імя ўсёй сям’і: “Ты ў нашых сэрцах будзеш назаўжды, Твой светлы воблік не крануць гады”. Да першых маразоў квітнеюць ля помніка шнурочкам аксаміткі, набірае моц маладзенькая туя. У Дзень Перамогі і ў дзень нараджэння мы абавязкова кладзём да помніка чырвоныя цюльпаны, а ў Дзень Незалежнасці ідзём да дзядулі з белымі гіпсафіламі.

Гэтай вясной яго старэйшы ўнук заканчвае акадэмію, а яго малодшая ўнучка – сярэднюю школу. Яго дзеці выбралі мірныя прафесіі, якім прысвяцілі ўсё жыццё: Ганна Антонаўна працуе інжынерам у Мінску, Анатоль Антонавіч па спецыяльнасці заатэхнік, мая маці, Галіна Антонаўна, працуе настаўніцай у роднай школе. Усе мы – галіны аднаго вялікага дрэва, якое надзейна трымаюць у зямлі карані – нашы продкі.

На мясцовых могілках пахаваны прадзед і прабабуля Анця – дзедава маці.

Анця прыгожа спявала, добра шыла, любая праца спорылася ў яе руках. Яна любіла расказваць розныя цікавыя гісторыі са свайго нялёгкага   жыцця маёй маці. Гэта яе малодшы сын Ясь спрабаваў уцячы з канём у партызанскі атрад, гэта яна малілася і  чакала сваіх дзяцей з вайны. Таксама прабабуля Анця – стрыечная сястра Героя Савецкага Саюза – Свідзінскага Уладзіміра Іванавіча. Перамогу набліжалі ўсе сумленныя людзі.

На старым фотаздымку на лаўцы прыселі бабулі,

І з вачэй іх струменіць святло праз гады,

Каб і дзеці, і ўнукі,зірнуўшы,  адчулі:

Мацярынскае сэрца – крыніца зямной цеплыні.

Летапіс маёй сям’і працягваецца. Кожны чалавек павінен аддаваць гэтаму свету сваю любоў і цеплыню.  А памяць пра сваіх родных будзе дапамагаць нам пераадольваць цяжкасці,  пуцяводнай зоркай асвятляць нашы жыццёвыя шляхі.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Памяць / А. П. Прыбыткін. – Мінск “Беларусь”, 2004. – 575 с.

2. Яблонская, Г. А. Неба ззяе промнямі душы / Г. А. Яблонская. – Бярэзінская раённая бібліятэка, аддзел маркетынгу, 2004. – 40 с.

Цэдрык Яўгенія Яўгенаўна, вучаніца 10 клас, аграгарадок Любушаны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

223329, вул. Школьная, д. 47, в. Любушаны, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

Цялюк Андрэй Пахомавіч, 18.08.1927 года нараджэння, 223329,  вул. Палявая, д.17, в. Быковічы, Бярэзінскі раён, Мінская вобласць

Цялюк Андрэй Пахомавіч: медаль “За баявыя заслугі”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, юбілейныя медалі, пераможца сацыялістычных спаборніцтваў, ударнік пяцігодак.

Вайну я ведаю толькі па кінафільмах. Часта яе ўспамінае мая бабуля Цялюк Марыя Пахомаўна, 01.10.1929 года нараджэння. І заўсёды гаворыць: “Вось мой брат Андрэй лепш расскажа”.

Цялюк Андрэй Пахомавіч нарадзіўся 18 жніўня 1927 года ў вёсцы Быковічы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Сям’я была мнагадзетнай:  сямёра дзяцей.

Дзядуля Андрэй расказвае:

“…Да вайны давялося скончыць толькі 4 класы, было мне тады трынаццаць гадкоў. Немцы, як мне памятаецца, вельмі хутка былі ўжо у нашай вёсцы. Напачатку вайны бамбілі Мачаск (вёска ў 5 км). Прыязжалі ў вёску на матацыклах, веласіпедах, людзі баяліся іх: гавораць не так як мы, са зброяй у руках, раптам стрэляць.

Мой брат і бацька пайшлі ў партызаны. У студзені 1944 года пайшоў і я ў 120-ы атрад пад камандаваннем К.А.Баранава.  Днём хаваліся ў лесе, а ноччу хадзілі на заданні. Зімой вельмі халодна было: абутак прымярзаў да ног. А цяпер вось ногі вельмі баляць. Але ў той час мы на гэта не звярталі ўвагі, білі фашыстаў, з надзеяй і ўпэненнасцю набліжаліся да Перамогі.

На вайне праклятай загінула амаль уся мая сям’я. У адным з налётаў на паліцэйскі гарнізон  у вёсцы Журавок   загінуў бацька,  а брата Мікалая  расстралялі паліцаі.  Такая мяне злосць апанавала на ворагаў, не баяўся анічога, браўся за любое заданне.

Шмат што ўспамінаецца. Вось нашу вёску Быковічы амаль што не пасцігла бяда Хатыні. Партызаны пабілі у вёсцы немцаў, а за гэта вёску ўсю маглі спаліць разам з жыхарамі. Але гэтую бяду адхінулі старэнькія жанчыны: забітых фашыстаў сцягнулі ў кучы, захавалі. Доўга немцы шукалі таварышаў, пагражалі расправай, але не знайшлі. Таму вёска жыве і сёння.

Успамінаецца адзін выпадак: па загаду камандавання мы павінны былі разбіць нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў в. Пагост. Выйшлі з лесу, а насустрач немцы. Завязаўся бой. Адзін наш таварыш трапіў да фашыстаў у палон, яны яго звязалі і паклалі пад калёсы машыны. Пакалечылі вельмі, але ён застаўся жывы. Нашы людзі жывучыя, бо ўпэненасць і надзея дапамаглі пераадолець усе цяжкасці.

Пасля вызвалення Беларусі прызвалі ў Чырвоную армію, залічылі ў пяхотную дывізію, быў сяржантам. На фронце я моцна захварэў, пачалі вельмі балець ногі, адправілі мяне ў шпіталь у г.Казань. Амаль паўгода я правёў у шпіталі. Пасля стаў салдатам 5-га будаўнічага палка ў горадзе Саратаве, дзе два гады ўдзельнічаў у будаўніцтве аэрадрома пад зямлёй.

Маю ўзнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За баявыя заслугі” і шмат іншых.

Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў родную вёску Быковічы. Многіх маіх равеснікаў забрала вайна, і вёска трымалася ў асноўным на жаночых руках. Потым  ажаніўся, а ў спадарожніцы жыцця выбраў прыгожую, працавітую, дзяўчыну Марыю Абазовік. Больш за 60 гадоў мы пражылі разам у поўным узаемаразуменні, нягледзячы на тое, што Бог сваіх дзетак не паслаў.

Спачатку працаваў у калгасе, быў брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы. Потым пайшоў працаваць у “Белсвязьстрой”, быў мантажнікам-лінейшчыкам сувязі, брыгадзірам. Працаваў сумленна, старанна, за час работы не атрымаў ні аднаго ўшчування і пакарання. Маю 20 ганаровых грамат за 25 гадоў працы ў рэспубліканскім трэсце сувязі: некалькі грамат ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у картонным абрамленні з залацістымі літарамі, Ленінская ганаровая грамата, Ганаровы дыплом пераможцы ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і мноства іншых урадавых падзяк і ўзнагарод.

А зараз вельмі добра жыць: дзяржава клапоціцца, атрымоўваю пенсію, часта не хварэю. “Вось такі мой дзядуля, родны брат маёй бабулі Марыі, якім я вельмі ганаруся.

                                                       

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.