Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Квэст-гульня "Падарожжа ў музей"

Дата: 25 апреля 2019 в 00:13
Квэст-гульня
“Падарожжа ў музей традыцыйнага беларускага побыту”
Мэта гульні: актывізаваць пазнавальную дзейнасць праз актыўнае наведванне музея дзецьмі дашкольнай групы “Вясёлка”. Вучыць дзяцей уменню ўспрымаць прадметны свет культуры, фарміраванне ў іх каштоўнаснага стаўлення да навакольнага свету, беражліва ставіцца да культурнай спадчыны.  Выхаванне эстэтычных і маральных ідэалаў, патрыятызму і музейнай культуры.
Задачы гульні:
  • павышэнне матывацыі да пазнавальнай дзейнасці;
  • актывізацыя цікавасці дзяцей да роднай гісторыі і культуры;
  • фарміравання навыку пошуку неабходнай інфармацыі;
  • развіццё інтэлектуальных здольнасцяў і стымуляванне творчай ініцыятывы;
  • знаёмства з гісторыка-культурным асяроддзем музея і культурай беларусаў;
  • дапамога ў станаўленні эмацыянальных кантактаў паміж дзецьмі і дарослымі;
  • уменне працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да меркавання сваіх таварышаў;
  • фарміраванне навыку пошуку неабходнай інфармацыі;
Меркаваным вынікам з’яўляецца: знаёмства дзяцей  з жыццём, побытам і рамёствамі беларусаў.
Месца правядзення: дашкольная група, вуліца, школа.
Апісанне гульні.
Запрашэнне дзяцей прыняць удзел у тэматычнай гульні-падарожжы, якая пабудавана на праходжанні займальнага тэматычнага маршруту па вуліцы да музея, самастойным даследаванні і пошуку адказаў на заданні маршрутнага ліста. Нараўне з расповедам пра экспанаты музея, у іх прысутнічаюць матэрыялы, якія ствараюць пэўны гістарычны кантэкст і выхоўваюць музейную культуру.
Галоўнае - прыйсці ў музей, з цікавасцю правесці там час і адкрыць для сябе Музейны свет з новага, нечаканага боку.
Этапы квэст-гульні:
1. “З сучаснага ў мінулае” (у дашкольнай групе);
2. “Замарочкі са старадаўняй бочкі” (квэст-падарожжа па вуліцы):
3. “Прадметы даўніны далёкай” (знаёмства з экспанатамі музея);
4. “Народныя промыслы” (квэст-гульня ў музеі)
5. Майстар-клас (знаёмства з Народным майстрам па ткацтву    Крыварот Тамарай Ігнацьеўнай).
Умовы гульні-падарожжа: удзельнікам будзе выдадзены маршрутны ліст і дзеці разам з выхавацелем выконваючы заданні гульні, адправяцца ў падарожжа да экспазіцыі школьнага музея. Аб сваіх адкрыццях можна расказаць сябрам.
ХОД ГУЛЬНІ:
Этап №1 “З сучаснага у мінулае”
Вядучы:  Дзеці, сёння у нас з вамі цікавае і пазнавальнае падарожжа… ў мінулае.
Вось глядзіце якая у мяне ёсць карта. І па гэтай карце мы сённы рушым у падарожжа. Хто ведае, дзе ў нашай вёсцы есць музей?
(у дашкольнай групе, у  школе, у Любушанскім сесльскім доме культуры)
Каб нам правесці час цікава
З карысцю для сябе і для сяброў,
Нам доўга выбіраць не трэба месца –
Мы дружна адпраўляемся ў музей.
Але, каб знайсці правільную дарогу, нам патрэбна зрабіць заданні.
Ці ведаеце вы вершы пра родны край? Дзеці чытаць вершы:
Выхавацель знаёміць дзяцей з  міні-музеям у дашкольнай групе.
(На паліцы ляжыць заданне для дзяцей)
Вядучы: А вось першае заданне.
Са слоў адгадак складаецца крыжаванка, на скрыжаванні радкоў знаходзіцца ключавое слова, якое акрэсліць тэму вашага задання. Угадай ключавое, упісваючы адказы па гарызанталі, а адгадку можна будзе знайсці ў выдзеленых квадраціках па вертыкалі.
                Разгадаць крыжаванку.
  1. Як называецца збан без ручкі? (Гладыш)
  2. Лыкавы абутак сялян на анучы? (Лапці).  
  3. Мелкая металічная пасудзіна круглай формы для смажання; патэльня. (скаварада)
  4. Вырабы са скуры або з іншых матэрыялаў, прызначаныя для нашэння на нагах? (Абутак)
  5.  Дэталь у ткацкім станку, якая мае форму чоўна, з пражай для пракладвання ўточнай ніці? (чаўнок)
  6. Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім абівалі лён. (Пранік )
  7. Ні свет, ні зара – пайшоў сагнуўшыся са двара. (Каромысел)
  8. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека? (Лялька)
    Разгадаўшы крыжаванку, дзеці атрымліваюць ключавое
 слова гісторыя і адказваюць на пытанне: чаму трэба ведаць гісторыю?
Вядучы: Давайце апранацца і рушым у дарогу…
(Дзеці разглядаюць карту.)
Этап № 2 “Замарочкі са старадаўняй бочкі”
(На вуліцы, ля бярозы заданне. Выцягваюць з бочкі ліст паперы  з пытаннямі)
1 заданне: Вядучы: Нам трэба адказаць на пытанні, каб даведацца, у які напрамку рушыць далей.
  • Матэрыял, з якога будавалі будынкі сяляне. (Дрэва)
  • Не на падлозе, не на паліцы, і ў дом глядзіць, і на вуліцу. (Вакно)
Вядучы: Вось і падказка. Нам трэба ісці да вакна.
2 заданне:
Будынак, дзе ажыццяўляецца адукацыя і выхаванне дзяцей (Школа)
3 заданне:
Памяшканне ў школе, дзе вучні збіраюць, вывучаюць, зберагаюць і выстаўляць для агляду помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры. (Музей)
Вядучы: Вось мы і ў школьным музеі.
Этап №3 “Прадметы даўніны далёкай”:
Ход экскурсіі
Вядучы расказвае пра гісторыю заснавання музея, пераходзячы з дзецьмі ад аднаго экспаната да другога, знаёміць з іх прызначэннем.
- Першымі экспанатамі музея былі наступныя прадметы: ночвы, металічны прас, лапці, вырабы з саломкі, саматканыя ручнікі, вышытыя бабулямі і інш. Усё, што прадстаўлена ў музеі, сабрана настаўнікамі і дзецьмі школы сумесна з бацькамі.
         А ведаеце, рабяты, чаму было вырашана аформіць этнаграфічны пакой у выглядзе сялянскай хаты і падворка? Хата – наша калыска, утульнае і цёплае гняздо, адкуль “вылятаем мы ў вырай”, куды вяртаемся з далёкіх і блізкіх дарог. Нездарма ў народзе кажуць: Чужая хата не грэе, а свая хатка як родная матка.
У вясковай хаце ёсць кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць так называецца гэта пачэснае месца. Тут, на покуце, пад столлю вісяць абразы. Яны маўклівай малітваю асвяшчаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце.
Заходзячы ў святліцу,
Што ты ўбачыш там?
Бажніцу!
Ручнік на бажніцы
Набожнікам звалі,
I покуць у хаце ім аздаблялі.
Многа людзі працавалі:
Сеялі, палолі, рвалі,
Як вялося здавён,
Шаўкавіты лён.
А вось абрус, сняжысты да бяла.
Яго да свята бабка берагла,
Начэй не спала, вышывала
Цвяток радзімы васілька.
Пра покуць складзены прымаўкі: Сівой барадзе месца на куце, Добраму чалавечку добра і ў запечку, а ліхаце кепска і на куце.
- Усе мы выйшлі з калыскі. Калыска — дзіцячы ложак. Плялі яго з лазовых дубцоў, чырвонай ракіты, ядлоўцавых каранёў. Альбо рабілі так: збівалі чатыры брускі і абцягвалі іх саматканай льняной тканінай, падвешвалі да столі. Такую калыску маглі браць з сабой у поле. Рабілі калыскі і на ножках, падбітых паўкруглымі брускамі. Маці ставіла такую калыску побач са сваім ложкам і, калі дзіця ноччу прачыналася, ціха калыхала, не ўстаючы з ложка.
- А вось куфар. У даўніну яго выкарыстоўвалі замест шафы. Яшчэ сёння ў вясковай хаце можна ўбачыць куфар, дзе ляжыць скарб, вытканы рукамі вясковых жанчын. Такіх абноў у краме не купіш: у іх — жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.
- Драўляныя ночвы, або начоўкі. У іх раней мылі бялізну, гатавалі мяса для калбас, трымалі шаткаваную капусту перад тым, як ссыпаць у бочку. I самае галоўнае назначэнне ночваў – купанне малых дзяцей.
I цясляр, і дрывасек,
- Цэбар — круглая драўляная пасудзіна, з якой кармілі жывёлу.
- Ступа — прылада для апрацоўкі зерня на крупы.
- Рэшата служыла для ачысткі зерня, сіта — для прасейвання мукі.
Здаўна людзі карысталіся гліняным посудам. Выраблялі яго майстры-ганчары. Збаны, гарлачыкі, глякі, міскі, кружкіусё гэта ўпрыгожвалася, абпальвалася і доўга служыла людзям.
- А зараз адгадайце, калі ласка, загадку:
Яна галодная — хата халодная,
Яна пад’ела — у хаце пацяплела. (Печ.)
- Сялянскую хату нельга ўявіць без печы. Печ карміла, сагравала, лячыла ад прастуды, таму яна, як чарадзейная істота, жыве ў народных казках, прымаўках і прыказках.
- На прыпечку вымуроўвалася ямка, куды зграбалі гарачае вуголле. Прысыпанае попелам, яно доўга не гасла і выкарыстоўвалася замест запалак. Гэты “вечны агонь” у ачагу быў для беларусаў
сямейнай святыняй, сімвалам дабрабыту. На покуце, пад абразамі гарэў другі агонь, які саграваў душу. Быў яшчэ і трэці агонь, які служыў людзям для асвятлення хаты доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі.  Яго называлі комін.
Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі жанчыны ўсіх узростаў, а таксама дзяўчаты пралі, ткалі, шылі, вышывалі. Прасніца — драўляная прылада для прадзення воўны, кудзелі. Папрадуха левай рукой выцягвала з “барады” валасіню-валаконца, а правай круціла верацяно,  навіваючы на яго нітку. Ёсць больш удасканаленая прасніца – калаўрот-самапрадка. Бытавалі калаўроты-стаякі і калаўроты-лежакі. Прасці на калаўротах было куды лягчэй і хутчэй.
Кросны — самаробны ткацкі станок. Ткалі найчасцей з лёну. Для гэтага лён мялі, трапалі, часалі, пралі. Затым бялілі або фарбавалі пражу, снавалі яе. I толькі потым прыносілі станок і пачыналі ткаць. Рыпелі панажы, стукала бёрда з набліцамі, хадзілі ўверх-уніз ніты, ткалася палатно, белае ці расквечанае яркімі ўзорамі.
А ці ведаеце вы, што такое “ручнік”? Знайдзі яго ў музеі.
Дзе ў музеі вы бачыце ручнікі? Ручнік – звычайна з вышываным або тканым узорам. Ручнікамі прыбіраюць чырвоны кут хаты ці божницы, дзвярныя і аконныя праёмы, а таксама ўпрыгожваюць сцены. Асаблівая роля належала ручніку ў вясельным абрадзе. Вышыўка на ручніках па павер’ях павінна была аберагаць маладых ад псуты і сурокаў. Ручнікамі ўпрыгожвалі вясельны цягнік коней, вупраж, вопраткі ў гасцей. На ручніку стаялі жаніх і нявеста падчас вянчання. Беларускі ручнік з’яўляўся элементам абрадаў. Да нашага часу захаваўся звычай сустракаць гасцей хлебам-соллю на ручніку.
Этап № 4 “Народныя промыслы:
Заданне 1.  Гістарычная даведка: Рамяство - гэта дробнае вытворчасць гатовых вырабаў, дзе аснову складае ручная праца.
(Вядучы пакавае карцінкі)  Разгледзьце ўважліва карцінку. Якія з прадметаў старога побыту, намаляваных на малюнку, маюцца ў нашым музеі. Назавіце гэтыя прадметы. Для чаго яны неабходныя?
Знайдзіце вырабы гэтых майстроў у нашым музеі.
1. Майстар пляце лапці
2. Лыжкары робяць драўляныя лыжкі.
3. Ганчар робіць посуд з гліны.
4. У гэтай дзяўчыны ў руках калаўрот. Яна прадзе воўну. Гэта – прасніца.
5. Ткачыха тчэ палатно на ткацкім станку
Этап № 5 “Майстар-клас па ткацтву”
Вядучы: Вось глядзіце, якія прыгожыя тканыя і плеценыя паясы ў музеі. Зараз мы пазнаёмімся з сапраўдным беларускім майстрам па ткацтву – Крыварот Тамарай Ігнацьеўнай. Яна мае ганаровае званне  Народны майстар Рэспублікі Беларусь. Умее ткаць і абрусы, і ручнікі, і пасцілкі, і паясы. Выставу яе работ вы можате паглядзець у Любушанскім сесльскім доме культуры. А сёння, яна правядзе для нас урок майстэрства на ткацкай прыладзе – бердзечку,  і пакажа як плятуцца паясы. І навуча нас.
(Тамара Ігнацьеўна праводзіць урок майстэрства па ткацтву)
- Вось і скончылася наша сёняшняе падарожжа. Спадзяюся, што вам спадабалася “Беларуская хатка”, у якой шмат цудоўных рэчаў. Змяняецца час, змяняюцца каштоўнасці нашых суайчыннікаў. І толькі тая нацыя жыццяздольная, якая захоўвае і ведае. свае карані.
Абагульняючая гутарка
  • Якія асаблівасці інтэр’ера сялянскай хаты захаваліся і дайшлі да нашых дзён?
  • Што не знойдзеш у сучасным жыллі?
  • Якія рэчы сялянскай хаты вы хацелі б мець у сваёй кватэры?
(Дзеці адказваюць на пытанні, выхавальнік удакладняе адказы.)
Творчае заданне
  Адшукаць разам з бацькамі разнастайныя рэчы беларускай хаты і прынесці іх у наш міні-музей “Сялянская хатка”
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.